ЦЭНТРАЛЬНАЕЎРААЗІЯ́ЦКАЯ ПЛАТФО́РМА,

найбольш буйная маладая платформа ў цэнтры Еўразіі, паміж Усходне-Еўрапейскай платформай і Сібірскай платформай. Пл. 6,5 млн. км². На Пд мяжуе з Альпійскай складкавай вобласцю. Фундамент гетэрагенны, складзены з каледонскіх, герцынскіх, радзей байкальскіх і кімерыйскіх складкавых збудаванняў, сярод якіх блокі (мікракантыненты) архею і ніжняга пратэразою. Фундамент выходзіць на паверхню ў межах Цэнтральнаказахстанскага шчыта, Уральскага хрыбта, кражаў — Вял. Каратау, Султануіздаг, Данецкі і інш. Гал. плошчу платформы займаюць пліты: Зах.-Сібірская, Туранская, Скіфская (гл. адпаведныя артыкулы) і Мізійская. Яны складзены з платформавага чахла, які пачынаецца з верхнетрыясавых, часцей юрскіх адкладаў. На больш стараж. блоках фундамента пашыраны венд-палеазойскі прамежкавы чахол.

Сярод тэктанічных элементаў вылучаюцца сінеклізы (Ханты-Мансійская, Чуйская), упадзіны (Омская, Барсакельмеская), прагіны (Худасейскі, Чалкарскі), скляпенні (Ніжнявартаўскае, Цэнтральнакаракумскае), зоны мегантыкліналей і мегасінкліналей (Мангышлакская, Ейска-Беразанская), мульды, падняцці, зоны ступеней, седлавіны, монакліналі, саляныя структуры і інш. У ніжняй ч. платформавага чахла развіты трыяс-юрскія грабены — тафрагены (Калтагорскі, Урэнгойскі, Чэлябінскі). З плітамі звязаны буйныя радовішчы нафты і газу, са шчытамі, хрыбтамі, кражамі — разнастайныя радовішчы метал. руд.

Літ.:

Гарецкий Р.Г. Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972.

Р.​Г.​Гарэцкі.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)